ПАЛІСА́ДНАЯ ТКА́НКА, слупкаватая тканка,

хларафіланосная тканка ліста, найб. прыстасаваная да выканання функцыі фотасінтэзу. Мае ​3/4—​4/5 усіх хларапластаў ліста. Доўгія восі падоўжаных клетак П.т. арыентаваны перпендыкулярна да паверхні ліста. Звычайна П.т. фарміруецца пад верхнім эпідэрмісам і мае адзін або некалькі слаёў клетак, часам утвараецца на верхняй і ніжняй паверхнях ліста, часам займае ўсю яго таўшчыню (трапляецца ў раслін сухіх і сонечных мясцін існавання).

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)